2010 VII 02 По маёвуй росi бегалi дзецi
Сёлетнi фестываль “Там по маёвуй росi” адрознiваўся ад папярэднiх выпускаў. У веснавой сустрэчы ў Студзiводах ўдзельнiчала шмат дзяцей i моладзi з Падляшша i Палесся, разам больш за шэсцьдзесят. Невыпадкова – гэта быў сёмы фестываль. У сем гадоў малы чалавек даспявае да школьнага ўзросту, пераступае парог храма ведаў. I таму арганiзатары фестывалю пастаралiся, каб як найбольш малых i маладых людзей да яго далучылася.
Пачаўся фестываль сустрэчай з чалавекам вялiкай мудрасцi i заадно дзiцячага погляду на свет – Мiкалаем Тарасюком, разьбяром з вёскi Стойлы на Пружаншчыне. Студзiводскi музей напоўнiўся драўляным светам, якi на штодзень прабывае ў створаным мастаком музеi ў роднай вёсцы.Традыцыйны iнтер’ер студзiводскага дому, разам з яго абсталяваннем, паспрыяў глыбокаму ўспрыманню работ.
Можна было увайсцi ў Тарасюковы вячоркi, паўдзельнiчаць у абрадзе вясельнага каравая, пазванiць звонам шарашоўскай званiцы, паткаць на кроснах, паараць i пасеяць.
Можна было задумацца над праблемамi сучаснасцi – п’я-нствам, гандлем жывым тава-рам, распустай, бязбожнасцю.
На вернiсажы выстаўкi, якi прайшоў 2 мая, ўдзельнiчаў сам народны майстар Беларусi. Побач была ягоная Маруся – мастацкае ўвасабленне адыйшоўшай у вечнасць жон-кi мастака. Шматлiкiя госцi вернiсажу акружылi яго ды слухалi мудрых аповедаў пра жыццё, разважанняў пра свет i яго праблемы. Шчаслiвая з-за прыезду мастака ў Польшчу была Ларыса Быцко з Берасця, галоўны прамотар яго творчасцi.
Разьбярскую тэму прадоўжылi на фестывалi мастакi з Берасцейшчыны, якiя сабралiся на другiм мастацкiм пленэры „Студзiводы”. У мiнулым годзе Анатоль Туркоў з Камянца стварыў прыгожы, прыдарожны крыж. Сёлета да яго далучылiся сябры з Аб’яднання „Тур” – Уладзiмiр Чыквiн ды Вячаслаў Дароцька з Кобрына. З 10 па 15 мая працавалi яны над стварэннем манументальных выяў постацяў звязаных з гiсторыяй Студзiводаў – купца Iвана Сегеневiча, якi ў 1520 г. даў пачатак вёсцы ды рамеснiка-валяршчыка, паколькi большасць жыхароў вёскi займалася калiсьцi вырабам валянак.
Пад гук долата i сякеры пачалiся веснавыя спевы. Але пакуль 14 мая ўсе сабралiся на музейнай сцэне, па вёсках Бельшчыны i Гайнаўшчыны прайшоў шматлюдны карагод. З веснавымi песнямi, карагодамi, пад музыку дудаў Дэнiса Сухога з Мiнска i скрыпкi Мацея Фiлiпчука з Познанi iшлi падля-шукi з Жэмэрвы, палешукi з-пад Бэрэзы Картускай ды лiтоўскiя расiяне з Вiсагiнас. Па дарозе да iх далучалiся жыхары Крывятыч, Мора, Збуча. А на парозе Чыжоў карагоднiкаў прывiтала група Чыжавяне.
На наступны дзень веснавы карагод перайшоў у самыя Студзiводы. Напачатку адбылася презентацыя кампакт-дыска „Огулькi для Ганулькi”, у якiм арганiзатары фестывалю змяс-цiлi вартасныя запiсы падляшскiх i палескiх веснавых песень.
Пачуем тут огулькi м.iнш. з Добрыводы, Мiкулiч, Ласiнкi, Крыўца, Трысцянкi. Выдаўцы пераходзяць таксама на Палессе, адкуль рогулькi з Лiсоўчыч, бородайкi з Попiны, боровынны з Гуты, а таксама музыканты з Богушэва i Стахава.
На вокладцы дыску змешчаны малюнак Мiраслава Здрайкоўскага, на якiм бачым вес-навы карагод ля царквы ў Рагачах. Тэму малюнка навеяла Нiна Такаюк з Мiкулiч, якая на дыску i на самым фестывалi праспявала ды сабрала моладзь для карагоду. Чаканым госцем фестывалю быў калектыў з Дабрывады, якi прадставiў ста-ражытныя рогулькi з ваколiц Клiшчэль. Былi таксама спявачкi з Малiннiк i Райска.
А пасля ўсе прысутныя маглi перанесцiся над Сармацкае мора – так Герадот называў частку Палесся, дзе працякае рака Ясельда i разлiваюцца вялiкiя азёры – Чорнае, Спораўскае i Белае. Над першым з азёраў знаходзiцца Хрыса, адкуль з песнямi, танцамi i гульнямi прыехаў дзiцячы калектыў Праталiнка. Над другiм ляжыць слаўнае Спорава, дзе спявюць i танцуюць групы Журавушка i Жаўручкi. А з-над Белага возера недалёка да Пэрэсудавiч, адкуль прыехалi чатыры жанчыны з групы Суседкi. Менавiта з Пэ-рэсудовiч у 2005 г. пачалося маё знаёмства з палескiмi тра-дыцыйнымi песнямi. Разам з беларускай фалькларысткай Iрынай Мазюк трапiў я туды ў экспедыцыю. Гэта быў добры пачатак, бо пасля не было году без экспедыцыйных, палескiх досьведаў.
Суботнi дзень падляшска-палескага фестывалю быў прысвечаны двум тэмам. Напачатку, арганiзатары прыпомнiлi пра фенамен музыкальнай культуры беларускай вёскi Збуч. У мiнулым годзе выйшла кружэлка з запiсамi песень групы Збучанкi ды iнструментальнай музыкi скрыпача Пётра Юшкевiча.
Дыск быў дацэнены вылучэннем у прэстыжным конкурсе „Фанаграма крынiц”, арганiза-ваным Польскiм Радыё. Нездар-ма тады арганiзатары фестывалю запрасiлi ў Студзiводы спявачак са Збуча ды Пётра Юшкевiча. На скрыпцы iграў Мацей Фiлiпчук, якi шмат спрычынiўся выхаду дыску.
Ганаровым госцем прэзентацыi быў Адольф Жукоўскi з Лубiна-Рудолтаў, апошнi на Бельшчыне майстар iгры на педальнай гармонii. Пад ягонымi пальцамi зайграла таксама гармонiя-варшаўянка, на якой некалi iграў славуты Уладзiмiр Мураўскi з Вуорлi.
Збучанская музыка i песнi плаўна перайшлi ў падляшска-палескае вяселле. Першая яго дзея праходзiла ў хаце. Тут жанчыны з Пэрэсудавiч разам са спораўцамi пяклi каравай. Bысокi i пахучы ён выйшаў, упрыгожаны кветкамi з паперы ды жытнiмi калоссямi. А другi каравай быў падляшскi, спечаны жанчынамi з Сухавольцаў каля Клiшчэль. З iнiцыятывы Лукаша Барташука, псаломшчыка кляшчэльскага прыхода, звыш году тут дзейнiчае фальклорная група “Вiшэнька-чэрэшэнька”.
Калi Сухавольцы выправiлi маладую да шлюбу, iх месца заняла Былiна з Вiсагiнас на Лiтве, якая адспявала i паказала вясельныя абрады са Смаленшчыны. А калi ўжо вярнулiся з вянчання, занялi месцы за сталамi, пачалiся спевы i танцы. У ролю маладых увасобiлася дзяўчына са студзiводскай Жэмэрвы ды хлопец з палескага Спорава. Як i трэба, маршалкi прынеслi для дзяльбы два караваi – падляшскi i палескi.
У нядзелю фестываль перанёсся ў вёску Шчыты, дзе ў арганiзаваным Цэнтры прамоцыi беларускай культуры прайшоў канцэрт. Iзноў дамiнавалi ў iм падляшскiя i палескiя дзецi.
Кожны год арганiзатары фестывалю шмат увагi аддаюць духоўнай яго старане. Малiтвы перад ядою, удзел у царкоўных багаслужбах, наведанне Св. Гары Грабаркi – гэта пастаянныя пункты праграмы для выканаўцаў i гасцей. Добрых, чыстых, народных традыцыяў нельга раз-дзялiць ад рэлiгiйнасцi. Таму трэба гэтыя традыцыi вывучаць i перадаваць маладому пака-ленню.
Разумелi гэта добра ўжо у ХIХ ст. а.а. Келесцiн i Яраслаў Брэны са Старога Корнiна, выдатныя даследчыкi духоўнай культуры падляшскiх беларусаў.
фота Юрыя Дэмбоўскага
Sami o Sobie. Miesięcznik społeczno-kulturalny. Dodatek do Przeglądu Prawosławnego
dofinansowany ze środków Ministerstwa Spraw Wewnętrznych i Administracji
dofinansowany ze środków Ministerstwa Spraw Wewnętrznych i Administracji





